помнік садова-паркавага мастацтва сярэдзіны 19 ст. ў г. Скідзель Гродзенскага р-на. Парк мяшанага пейзажна-рэгулярнага тыпу. Пл. 4,8 га. На тэрыторыі парку 2 каналы. У ніжняй ч. парку захаваліся рэшткі старых прысад з ліпы, конскага каштана звычайнага, грабавыя шпалеры; у яе кампазіцыі творы архітэктуры малых форм: капліца, уязная брама ў выглядзе 2 круглых мураваных вежачак з конусападобнымі дахамі. Верхняя ч. парку больш багатая паводле дэндралагічнага складу. Растуць экзоты: хвоя веймутава, ліпа амер., арэх шэры, акацыя белая, ясень звычайны (форма ніцая) і інш.